ПРАДМОВА


На сучасным этапе адным з найбольш актуальных напрамкаў развіцця мовазнаўства з’яўляецца антрапацэнтрычная лінгвістыка, якая раскрывае ўплыў аўтара выказвання і рэцыпіента на тэкст і яго кампаненты, аналізуе здольнасці моўнай асобы, што выяўляюцца ў час камунікацыі.

Дысцыпліна “Анамастыка мастацкага тэксту” ўваходзіць у кампанент установы адукацыі (2.4 Модуль “Сучасны стан мовазнаўства”) і займае важнае месца ў сістэме падрыхтоўкі магістрантаў. Дысцыпліна дае ўяўленне аб анамастыконе  мастацкай літаратуры як адметна арганізаванай сістэме, накіравана на тое, каб пазнаёміць магістрантаў з багаццем і самабытнасцю анамастычнай прасторы сучаснай і класічнай літаратуры, адметнасцю словаўтварэння паэтонімаў, садзейнічаць выхаванню паважлівага стаўлення да іменаслову як помніка нацыянальнай культуры і духоўнасці. Неабходнасць і актуальнасць курса тлумачыцца тым, што ён з’яўляецца важным звяном у ланцужку агульнафілалагічнай адукацыі магістрантаў, спрыяе вырашэнню задачы гісторыка-культурнага асваення нацыянальнай спадчыны беларускага народа шляхам вывучэння такога яго значнага моўнага пласта, як прапрыяльная лексіка. Курс арыентуе на вытлумачэнне ўласных назваў у  іх структурна-семантычным і функцыянальна-камунікатыўным аспектах, на выяўленне адметных спецыфічных заканамернасцей, якія праяўляюцца на розных узроўнях анамастыкону мастацкай літаратуры, на ўсебаковае апісанне  анамастычнай прасторы як жывой і рухомай з’явы, дапамагае зразумець яе дынаміку і асноўныя тэндэнцыі развіцця.

Названая дысцыпліна з’яўляецца часткай агульнамоўнай падрыхтоўкі магістрантаў і каардынуецца з такімі дысцыплінамі, як “Тэорыя і практыка камунікацыі”, “Актуальныя праблемы лексікалогіі і фразеалогіі”, “Тэорыя ўласнага імя”.

Змест вучэбнага матэрыялу, які дадзены ў электронным вучэбна-метадычным комплексе (далей – ЭВМК), уключае вучэбную праграму, тэарэтычную частку, практыкум (пытанні для самакантролю, практыкаванні), пытанні  да заліку, спіс літаратуры, тэсты, тэмы рэфератаў.

Мэта ЭВМК – дапамагчы магістрантам засвоіць асноўныя палажэнні курса; сфарміраваць сістэму ведаў пра анамастычную прастору мастацкага тэксту з улікам ідыяэтнічнага нацыянальнага кампанента беларускай мовы, садзейнічаць забеспячэнню метадалагічнай падрыхтоўкі магістрантаў-філолагаў для паглыбленага і мэтаскіраванага вывучэння пытанняў паэтыкі мастацкага маўлення.

Задачы ЭВМК:

Магістрант, які засвоіў праграмны матэрыял курса “Тэорыя і практыка камунікацыі”, павінен ведаць:

– змест ключавых паняццяў тэорыі літаратурнай анамастыкі;

– анамастычную тэрміналогію;

– асаблівасці анамастычнай дэрывацыі;

– навуковую і даведачную літаратуру па анамастыцы;

Магістрант павінен умець:

– вылучаць паэтонімы, выкарыстаныя ў  творах сучасных  беларускіх пісьменнікаў, праводзіць іх тэматычную і семантычную класіфікацыю;

– выяўляць нацыянальна-культурную спецыфіку асабовых імён, патронімаў, прозвішчаў і мянушак персанажаў, а таксама “фонавых” онімаў твораў сучасных пісьменнікаў;

валодаць навыкамі:

– карыстання ўласнымі імёнамі як нацыянальна маркіраванымі адзінкамі маўленчай камунікацыі;

Тэарэтычныя звесткі па праблемах літаратурнай анамастыкі, пададзеныя ў ЭВМК, прадугледжаны ў такім аб’ёме, засваенне якога паслужыць трывалай асновай для авалодання практычнымі ўменнямі і навыкамі аналізу анамастыкону мастацкага тэксту. Курс спрыяе засваенню студэнтамі этнакультурнай вартасці беларускага нацыянальнага іменаслову. Матэрыял ЭВМК дапаможа магістрантам авалодаць навыкамі карыстання нацыянальна маркіраванымі адзінкамі – онімамі – у маўленчай камунікацыі.

Распрацаваны змест практыкуму па асноўных тэмах: дадзены пытанні для самакантролю, прапанаваны практычныя заданні. Для кантролю ведаў прапанаваны тэарэтычныя пытанні, тэсты, тэмы рэфератаў.

ЭВМК дапаможа магістрантам засвоіць тэарэтычныя палажэнні па курсе. Пры выкананні практычных заданняў  магістранты змогуць звяртацца да зместу лекцый. Навучэнцам прапануецца работа з навуковай літаратурай, выкананне творчых заданняў.

Вывучэнне дысцыпліны “Анамастыка мастацкага тэксту” на завочнай форме навучання разлічана на 6 аўдыторных гадзін. Размеркаванне па відах заняткаў уключае 4 лекцыйныя гадзіны і  2 практычныя гадзіны; форма атэстацыі – залік. ЭВМК створаны на аснове адукацыйнага стандарта паглыбленай вышэйшай адукацыі па спецыяльнасці 7-06-0232-01 Мовазнаўства; вучэбных планаў установы адукацыі па спецыяльнасці 7-06-0232-01 Мовазнаўства (прафілізацыя: Беларускае мовазнаўства, Рускае мовазнаўства), рэг. № Філ.-7-013-24/вуч. ЗФ., рег. № Філ.-7-014-24/вуч. ЗФ, зацв.13.09.2024 г.